Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна) (euga) wrote,
Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна)
euga

Рублеўская Людміла. "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"

rubleuskaja_small

Я вельмі рада, што сваю апошнюю рэцэнзію для "Звязды" я напісала пра вельмі цікавую кнігу. Гэта першы том трылогіі, якая ўжо напісана цалкам. :)


Шкаляр і алхімік супраць постмадэрнізму


Экслібрыс "Звязды"

Рублеўская Людміла. "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега".
Раман, Рэдакцыя газеты "Звязда", 2012.


Нядаўна на пленарным пасяджэнні навуковай канферэнцыі (а гэтыя часткі навуковых сустрэч традыцыйна вызначаюцца акадэмічнасцю і сухасцю выкладання матэрыялу) адна з выступоўцаў, прафесар філасофіі, адхілілася ад тэмы даклада, каб акрэсліць рызыкі сучаснай культурнай сітуацыі. Постмадэрнізм спрабуе ўплываць на ўсе сферы культурнага жыцця, яму ўласціва агрэсіўнае паўстанне супраць іерархій і структур.

На постсавецкай прасторы гэта было абумоўлена яшчэ і спецыфічнасцю гістарычнай сітуацыі: разбурэнне магістральнай лініі ў культуры выклікала да жыцця яе ўяўную роўнасць з маргінальным. Гэта прыводзіць да таго, што ў адным шэрагу на адным узроўні ставяцца класікі і другасныя пісьменнікі, і ўжо нібыта сорамна вяртацца да сістэмы іерархій, таму што чытач павінен выбіраць сам, нават калі не мае для гэтага развітага густу ці дастатковай кваліфікацыі.

Але ўсё-ткі на гэтым шляху мы не былі першымі. У пэўным сэнсе такое становішча нас ратуе: мы не паспелі заглыбіцца ў існаванне без каштоўнасцяў. А ў іншых краінах, дзе постмадэрнізм перамог, з наступствамі гэтай вікторыі першымі сутыкнуліся не філосафы, культуролагі і літаратуразнаўцы, а псіхіятры.

Падлеткі, праходзячы самаідэнтыфікацыю, не маглі знайсці апірышча ў новай культурнай сітуацыі, дзе дзецям нельга было навязваць нічога: ад маральных каштоўнасцяў да ўяўленняў пра ўласны пол. Аказалася, постмадэрнізм — гэта забаўкі для дарослых: лягчэй выбіраць, калі ўжо нешта маеш, можаш параўнаць. А дзіцячая псіхіка ламалася ад адсутнасці традыцыйнага выхавання, з яго тлумачэннем пра пэўнае і акрэсленае дабро і ліха, пра норму і яе адсутнасць, з пэўнымі забаронамі і навязваннем традыцыі.

І дзіўным чынам новая кніга Л. Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега" ўбудоўваецца адразу ў дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, рамантычна-прыгодніцкае асветніцтва У. Караткевіча, з другога — пастуляванне традыцыйных каштоўнасцяў як супрацьвага постмадэрнізму. Вядома, гэтыя тэндэнцыі сёння могуць разумецца як два бакі аднаго медаля.

"Загонны шляхціц" Пранціш Вырвіч, бедны, пазбаўлены магчымасці працягваць адукацыю, трапляе ў неверагодныя прыгоды, якія пачынаюцца з таго, што яму за медны шэлег прадаюць алхіміка Баўтрамея Лёдніка. І ўжо разам яны акунаюцца ў віхуру магнацкіх інтрыг і барацьбы за трон.

Хіба можа станоўча паўплываць на чытача тэкст, дзе шляхта гандлюе людзьмі, а магнаты лёгка пазбаўляюць падданых волі і жыцця? Можа, калі праз тэкст чырвонай ніткай праходзіць уяўленне пра гонар. Гонар, які можна захаваць у беднасці ці нават рабстве: <І>"Шкаляр глядзеў на доктара, які стаяў перад ім на каленях з апушчанай галавой, але спіна па-ранейшаму была выпрастаная, не сагнутая пакорліва <...> Але Лёднік, няправільны доктар, які вынайшаў філасофскі камень і адрокся ад яго, умудраўся стаяць на каленях так, што ў гэтым бачылася няправільнасць, несправядлівасць, і Вырвічу было невыносна яго прыніжэнне..."

На фоне магнацкай вакханаліі дзейнічаюць героі, для якіх слова мае значэнне. Якія гатовы нашкодзіць сабе, але толькі не парушыць прысягу. Якія гатовы ахвяраваць сабой дзеля сябра, хай нават сябар той нястрымны і несправядлівы. Героі, якія могуць адмовіцца ад прыбытковай справы (алхіміі і астралогіі), усвядоміўшы яе грахоўнасць. Героі, якія ўмеюць захоўваць вернасць каханню.

Паводзіны доктара Лёдніка — яшчэ і ўвасабленне паняцця пра адказнасць. Колішні алхімік разумее, што эмацыянальны і няўрымслівы Пранціш Вырвіч яшчэ патрабуе далікатнага апекавання. Былы шкаляр не можа адэкватна выявіць свае эмоцыі і, бывае, за гневам хавае крыўду, але доктар Лёднік умее за грубымі словамі пачуць крык пра дапамогу. І калі развязваюцца іх адносіны "гаспадар — маёмасць", яны не разыходзяцця, бо адчуваюць глыбокую патрэбу адно ў адным.

Кніга ўпішацца ў традыцыйныя парадаксальныя працэсы беларускай літаратурнай пераемнасці: для некага полацкія лабірынты і падземная бібліятэка з кнігі Л. Рублеўскай апярэдзяць "Лабірынты" В. Ластоўскага. Але ці мае значэнне паслядоўнасць з'яўлення полацкіх сутарэнняў у свядомасці чытача, калі яны там наогул будуць? Гэта своеасаблівая культурная кантрабанда, якой так шмат трэба ў сучаснай культуры.

Л. Рублеўская, разгарнуўшы падзеі на фоне вірлівага ХVІІІ ст., нібыта асцерагаецца, што яе зграбны і чытэльны тэкст будзе ўспрыняты літаральна, як проста займальная гісторыя пра шкаляра і алхіміка, — і піша прадмову да кнігі.

У падлеткавым узросце прадмовы звычайна не чытаюць, хай сабе там нават вытлумачаюцца нюансы дзяржаўнага жыцця ў адпаведныя часы, значэнне беларускай мовы і тагачасны статус беларускіх жанчын, у адрозненне ад расійскіх.

Л. Рублеўская, напісаўшы так многа і такіх розных твораў, становіцца заложніцай уласнага іміджу. Насамрэч, у прадмове аўтарка звяртаецца, хутчэй, да крытыкаў і літаратуразнаўцаў, каб за ўяўнай лёгкасцю тэксту яны заўважылі і працу гісторыка-даследчыка, і місію папулярызатара беларушчыны, і пісьменніцкае майстэрства*.

Урэшце варта прызнаць, што трэба мець смеласць і нават нахабства, каб модным сёння ў літаратуры змрочнасці, безвыходнасці, песімізму і цынізму супрацьпаставіць традыцыйныя каштоўнасці — патрыятызм, веру, сяброўства, каханне, гонар і аптымізм.

Аксана Бязлепкіна.

* Як высветлілася, напісанне прадмовы - патрабаванне выдавецтва, а не ініцыятыва аўтара. Застаецца рытарычнае пытанне да выдавецтва: чаму прыгодніцкі тэкст патрабуе прадмовы? Праўда, выдавецтва, відаць, адкажа, што гэта патрабаванне серыі. :)
Tags: Кніга, Людзі, Літпрацэс, Экслібрыс Звязды
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 18 comments