Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна) (euga) wrote,
Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна)
euga

Дзяніс Марціновіч. "Донжуанскі спіс" Караткевіча



Літаратуразнаўства і донжуанства

Экслібрыс "Звязды"
Дзяніс Марціновіч. "Донжуанскі спіс" Караткевіча. Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. "Четыре четверти", 2012.

Многія класікі беларускай літаратуры — забранзавелыя постаці, якія ў масавай свядомасці асацыююцца нават не з уласнымі творамі і іх значэннем, а з "цяжкай доляй беларускага народа" і іншымі трывалымі стэрэатыпамі. Пісьменнік можа стаць класікам, калі ў пэўны момант яго творчасць адыграла важную ролю ў жыцці народа. І гэтая роля з цягам часу пазбаўляецца канкрэтыкі і набывае безаблічную ўсеабдымнасць.

Вытлумачэнне гэтым працэсам знаходзіцца простае: культура, адчуваючы небяспеку, спрабуе закансервавацца, стварыць беззаганныя фігуры, бездакорныя аўтарытэты, апірышчы, да якіх можна апеляваць для самазахавання. Гэтая "кананізацыя" адначасова і рэакцыя на пагрозу, і пагроза сама па сабе. Старэйшае пакаленне заспела большасць нашых класікаў жывымі і прыклала ўсе намаганні для стварэння "ікон". Маладое пакаленне атрымала толькі "іконы", пра што сведчаць сацыялагічныя і журналісцкія апытанні, досвед выкладчыцкай працы.

Ідэальнае — заўсёды мёртвае, а жывое — недасканалае, цяжка вытлумачальнае і заблытанае, яно выпадае з класіфікацый, парушае правілы. І сама цікаўнасць да "донжуанскага спіса" Уладзіміра Караткевіча робіць гэтага прадстаўніка літаратурнага пантэона звычайным чалавекам. Перад Дзянісам Марціновічам стаяла складаная задача: па-першае, правесці даследаванне і, па-другое, зрабіць гэта максімальна тактоўна.

Зварот да гэтай тэмы — яшчэ адно сведчанне жыцця літаратуры. Але ці гатова тая частка грамадства, якая адчайна бароніць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, да такога бачання класіка?


У кнізе няма ні бульваршчыны, ні жаўцізны, гэта напраўду літаратуразнаўчае даследаванне асабістага жыцця пісьменніка, з багатай факталагічнай базай, з апеляцыяй да цытат з лістоў і твораў, з загадкамі і гіпотэзамі, з дэтэктыўнымі паваротамі сюжэта (напрыклад, версія пра сапраўдныя абставіны знаёмства Уладзіміра Караткевіча з будучай жонкай Валянцінай).

Дзяніс Марціновіч склаў спіс з дзесяці каханых жанчын У. Караткевіча: ад некаторых з іх засталіся толькі ініцыялы, хтосьці ананімна ўвайшоў у гісторыю пад імем літаратурнай гераіні, некаторыя былі платанічнымі каханымі, а хтосьці нават прымаў гасцей Караткевіча, загарнуўшыся ў коўдру. Апавяданне пра гэта вуснамі самога пісьменніка і яго сяброў міжволі пазбавіла кнігу магчымай скандальнасці.

Для беларускай сітуацыі гэта вельмі прадуманая пазіцыя: Дзяніс Марціновіч нібыта выступіў медыумам, які выбраў і супаставіў цытаты з ліставанняў і мастацкіх твораў, які знайшоў пераканаўчую сувязь асабістага жыцця класіка і яго творчасці, які сам шукаў тых людзей, што маглі стаць крыніцай інфармацыі пра жанчын класіка. І калі чытач бачыць Караткевіча разгубленым, няўпэўненым ці, наадварот, самаўпэўненым, расчараваным або здратаваным неўзаемнасцю, то, нягледзячы на нечаканасць вобразу, тэкст выглядае карэктным у дачыненні да пісьменніка. Гэта сам Караткевіч у ліставанні падкрэсліваў непрыгожасць амаль кожнай сваёй жанчыны, гэта сам Караткевіч прызнаваўся, што не ведае, ці яшчэ жывое ў ім колішняе каханне.

У другім раздзеле Дзяніс Марціновіч шукаў і знайшоў працяг рамана "Каласы пад сярпом тваім"
у іншых творах Уладзіміра Караткевіча ("Зброя", "Сіняя-сіняя"). Шэраг артыкулаў датычыць неабходнасці стварэння літаратурных біяграфій і пераможных вобразаў літаратурных герояў. Аўтар наракае на злоўжыванне ва ўспамінах схемы "я і пісьменнік", на адсутнасць падрабязнай факталогіі пісьменніцкіх біяграфій і прыхоўванне інфармацыі пра сімпатыі і антыпатыі ў беларускім літаратурным працэсе.

Ды і гаворка пра героя таксама наспела: у нас трагічная гісторыя, але падкрэсліванне ахвярнасці — адштурхоўвае, бо чалавеку (асабліва падлетку) уласціва жаданне належаць да паспяховай супольнасці, і нашу гісторыю можна і варта падаваць гераічным чынам. Калі працягнуць логіку Дзяніса Марціновіча, то выснова атрымліваецца парадаксальна-выратавальная: трэба сабраць усе факты і на іх базе стварыць новую міфалогію. Каб жыць!
Tags: Кнігі, Экслібрыс Звязды
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 16 comments